Рус
Бел
En

Моўная версія ў стадыі напаўнення

Адрас: 247802, г.Нароўля, 
вул. Камуністычная, 3

Е-mail: isp@narovlya.gov.by

Тэлефон: (+375 2355) 2-12-10

Тэлефон-факс: (+375 2355) 2 13 21

Раённы выканаўчы камітэт Гісторыка-этнаграфічны музей Рака Нараўлянка Рака Прыпяць Мясцовыя краявіды Нараўлянскія краявіды
Раённы выканаўчы камітэт

Навіны вобласці

9 верасня 2021

Пяць літаратараў Гомельскай вобласці сталі лаўрэатамі прэміі імя Кірылы Тураўскага


9 верасня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Пяць паэтаў і пісьменнікаў сталі лаўрэатамі літаратурнай прэміі Гомельскага аблвыканкама імя Кірылы Тураўскага. Урачыстая цырымонія ўзнагароджвання прайшла сёння ў Гомелі ў палацы Румянцавых і Паскевічаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У зале ўрачыстых прыёмаў сабраліся кіраўніцтва вобласці, творчая інтэлігенцыя, а таксама госці - пісьменнікі з Расіі і Украіны.
На цырымоніі старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей адзначыў: прыемна, што прадстаўнікі пісьменніцкага цэха Беларусі, Расіі і Украіны разам абмяркоўваюць сур'ёзныя тэмы - як выхоўваць дзяцей, як не забываць пра падзеі мінулага, як не страчваць глыбокія карані, якія стагоддзямі дапамагалі славянам мірна, шчасліва, у добрасуседстве жыць на сваёй зямлі. "Сёння такія сустрэчы асабліва важныя, таму што не ўсе ў грамадстве разумеюць асветную, выхаваўчую ролю мастацкага слова, якое забяспечвае дзяржаўную бяспеку ў духоўнай сферы краіны", - перакананы Генадзь Салавей.
Ён звярнуў увагу, што літаратары вобласці прадаўжаюць традыцыі і перажываюць за лёс народа, яго культуру і мову. "Так, мы ў Беларусі стараемся не страціць кнігу. Для гэтага ў краіне створана нямала. Напрыклад, правядзенне Дня беларускага пісьменства. У наступным годзе гэта свята пройдзе ў Добрушы", - падкрэсліў старшыня аблвыканкама. Ён дадаў, што аблвыканкам рознымі шляхамі імкнецца падтрымліваць таленты. У тым ліку ў фармаце прэміі, каб быў стымул ствараць высокамастацкія творы. "На сёння літаратурную прэмію імя Кірылы Тураўскага атрымалі больш за 40 аўтараў, а іх кнігі знайшлі шлях да чытача", - дадаў Генадзь Салавей і ўручыў заслужаныя ўзнагароды лаўрэатам бягучага года.
Так, у намінацыі "Адкрыццё года" прэмія прысуджана Наталлі Шастаковай і Максіму Шастакову за твор "Каков я, или Петькины уроки". "Путешествие Василисы в страну Букварию" Лідзіі Долбікавай названа лепшым у "Дзіцячай літаратуры".
Лаўрэатам у намінацыі "Паэзія" стаў Ізяслаў Катляроў за зборнік "Мое духовное пространство". "Прэмія - гэта эстафета духоўнасці ад былых гадоў. Цяперашні час называюць кавідным, санкцыйным, але гэта наш час, і пражыць яго трэба годна, захаваўшы духоўнасць", - упэўнены аўтар. Лаўрэат адзначыў, што ў Гомельскай вобласці вялікая духоўная, гістарычная спадчына, і шмат робіцца, каб гэту спадчыну, памяць пра мінулае, зберагчы. Як прыклад ён назваў створаны мемарыял "Ала" ў Светлагорскім раёне на месцы спаленай у гады вайны аднайменнай вёскі.
Ізяслаў Катляроў расказаў, што ў яго кнізе пад адной вокладкай аб'яднаны летапісныя паэмы пра замкі Беларусі, геральдычныя санеты пра пасёлкі, гарады, якія мелі Магдэбургскае права, дакументальныя паэмы пра Алу, пра аперацыю "Баграціён" і іншыя творы.
Лепшая "Публіцыстыка і літаратурная крытыка", на думку экспертнай камісіі, у Алега Ананьева ў творы "На палитре - радуга судьбы". У намінацыі "Проза" перамога прысуджана Валянціне Кадзетавай-Арэставай за "Лякарства ад стомы".
Старшыня абласнога аддзялення ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі" Уладзімір Гаўрыловіч звярнуў увагу, што напісаць якасна твор - гэта адно, а вось данесці яго да чытача менавіта праз кнігу - гэта іншае і самае жаданае для кожнага пісьменніка. "Менавіта такую падтрымку і аказвае конкурс рукапісаў і яго апагей - прэмія і выданне кнігі", - сказаў ён. Паводле яго слоў, усе намінанты мінулых гадоў і сённяшнія актыўна працуюць над тым, каб любоў да кнігі і чытання не знікла.
Цёплыя словы прывітання адрасавалі арганізатарам прэміі і майстрам слова госці з Расіі і Украіны. Так, кіраўнік дэлегацыі Саюза пісьменнікаў Расіі, намеснік старшыні праўлення - генеральны дырэктар Саюза пісьменнікаў Расіі Васіль Дварцоў нагадаў, што пакуль існуе мова, існуе народ. "І таму трэба берагчы мову, літаратуру. Літаратура фарміруе грамадства. Паняцці дабра і зла, гонару і ганьбы, светлага і цёмнага - гэта ўсё замацоўваецца ў чалавеку, пачынаючы з казак і заканчваючы раманамі, якія ён чытае. І калі ёсць адзіная літаратурная прачытаная база, то мы адзін аднаго разумеем, дзе б мы ні знаходзіліся", - сказаў Васіль Дварцоў. На яго думку, пісьменнік - гэта заўсёды міратворац.
Старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Украіны Анатоль Міроненка дадаў, што сёння пісьменнікі часта выконваюць яшчэ і важную функцыю наладжвання, захавання цесных сувязей, дружалюбных адносін паміж народамі Беларусі, Украіны, Расіі. "І гэта не па ўказцы, а ідзе знутры, з душы", - рэзюмаваў ён.
Літаратурную прэмію імя Кірылы Тураўскага ўручылі ўжо дзявяты раз. Як было адзначана, у гэтым годзе ўзнагароджванне праходзіць у рамках рэгіянальнага фестывалю літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый "На зямлі Кірылы Тураўскага". Таксама сёння ў Гомельскім рэгіёне стартуе ХVI Міжнародны фестываль-свята "Славянскія літаратурныя дажынкі".-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)

Афіша pomogut.by
Інтэрнэт-рэсурсы