Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Нараўлянскі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
8 жніўня 2023

Ураджэнка Нараўлянскага раёна - удзельніца II Гульняў краін СНД

Ураджэнка вёскі Кіраў Нараўлянскага раёна Надзея Буланая прадставіць Беларусь на ІІ Гульнях краін СНД у катэгорыі "вольная барацьба".

Некалькі гадоў таму мы пісалі пра спартсменку, актывістку і проста прыгажуню, якая сваімі спартыўнымі дасягненнямі праслаўляе Нараўляншчыну. Цікаўлюся, якіх поспехаў дабілася Надзя за гэты час.

- Практычна за два гады, якія прайшлі з нашых зносін, я прафесійна падрасла. Паспела двойчы выйграць Чэмпіянат Беларусі па вольнай барацьбе сярод жанчын, двойчы стаць пераможцай рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяўчат да 23 гадоў, — расказвае спартсменка. - Заняла другое месца на Міжнародным турніры сярод мужчын і жанчын на прызы трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя, трэцяе - на турніры ў Балгарыі і ў Барцоўскай Лізе Паддубнага ў Маскве.

Нядрэнны паслужны спіс. А між зборамі, трэніроўкамі і спаборніцтвамі Надзя паспявае вучыцца ва ўніверсітэце ім. Францыска Скарыны, дзе асвойвае прафесію трэнера-выкладчыка. У наступным годзе яна ўжо заканчвае навучальную ўстанову і кажа, што не заўважыла, як праляцеў час.

- Бывае складана сумяшчаць спорт і вучобу. Часам выходзіць так, што зборы супадаюць з сесіяй. Тады даводзіцца пераздаваць залікі ці іспыты. Але я стараюся, каб не было «хвастоў», - дзеліцца дзяўчына.

Яна адзначае, што выкладчыкі ставяцца з разуменнем да яе ненаўмысных "прагулаў". Ведаюць, што яна прысвячае ўвесь час спорту, адстойвае гонар Беларусі, таму нават ганарацца такой студэнткай.

Неўзабаве ў жыцці Надзеі Буланай перавернецца яшчэ адна старонка - яна прыме ўдзел у ІІ Гульнях краін СНД. Ужо пераадолены першы этап падрыхтоўкі, падчас якога барцы рабілі ўпор на сілавыя і функцыянальныя практыкаванні. Цяпер Надзя знаходзіцца на зборах у Магілёве, дзе праходзіць заключны этап.

- Жывем мы ў гасцініцы «Магілёў», трэніруемся ў Доме спорту. Распарадак дня многіх прыводзіць у жах, але я за многія гады ўжо прывыкла. З раніцы прагулка, сняданак, трэніроўка, потым абед, адпачынак і зноў трэніроўка, — расказвае пра будні спартсменаў наша зямлячка. - Каб дабіцца выніку, трэба прыкласці нямала намаганняў. Я хачу атрымаць перамогу на Гульнях і зраблю для гэтага ўсё неабходнае!

«Золата» на ІІ Гульнях краін СНД наблізіць ураджэнку Нараўляншчыны да запаветнай мэты. Барэц вольнага стылю Надзея Буланая марыць выступіць на Алімпіядзе.

- Я не змяняю мары. Нажаль, так склаліся акалічнасці, што нашых спартоўцаў не дапушчаюць да ўдзелу ў алімпійскіх гульнях у Парыжы. Я лічу, што нельга змешваць спорт і палітыку, і спадзяюся, што ўсё ж змагу выйсці на дыван на Алімпіядзе-2028, - рэзюмавала Надзея.

Нагадваем, што II Гульні краін СНД праходзяць з 4 па 14 жніўня. Спаборніцтвы па барацьбе адбудуцца 9 жніўня ў Салігорску ў гарадскім спартыўным манежы "Шахцёр". Хварэем за нашу Надзю! 

Крыніца: https://narovlya.by/novosti/urozhenka-narovlyanskogo-rajona-uchastnitsa-ii-igr-stran-sng/